Дзве траціны крамаў і рынкаў парушаюць санітарныя нормы

Санітарныя службы Беларусі сёлета выявілі парушэнні санітарных нормаў і правіл у 62,3% правераных аб'ектаў гандлю і рынках. Пра гэта заявіла загадчыца аддзела гігіены і харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анжэла Скурановіч. Па выяўленых парушэннях органы дзяржаўнага санітарнага кантролю вынеслі 2833 пастановы аб забароне рэалізацыі прадукцыі, па якіх забракавана 98 т харчовых прадуктаў, інфармуе БЕЛТА. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 4155 юрыдычных асоб, на іх накладзена штрафаў на суму 1,4 млрд рублёў. Выдадзеныя 2762 загады па выпраўленні выяўленых парушэнняў.

Акрамя таго, у адпаведныя органы накіраваныя 1206 прапановаў па ануляванні ліцэнзій на раздробны гандаль і грамадскае харчаванне. І ў 434 выпадках ліцэнзія была прыпыненая, а ў 8 выпадках — ануляваная.

У дзіцячым харчаванні санслужба парушэнняў не знайшла. За 10 месяцаў гэтага года былі даследаваныя 885 пробаў дзіцячага харчавання, з якіх 474 — айчыннай і 411 — імпартнай вытворчасці.

Падчас праверак гандлёвых аб'ектаў імпарцёраў рыбы і морапрадуктаў быў даследаваны 1241 узор рыбнай прадукцыі, з якіх 13 не адпавядалі патрабаванням. Гэтая прадукцыя была забароненая да рэалізацыі.

У жніўні-кастрычніку санітарныя службы правяралі выкананне гігіенічных патрабаванняў пры рэалізацыі садавінагароднінай прадукцыі. З 2054 пробаў гародніны і садавіны гігіенічным патрабаванням не адпавядалі 8.