Дзве тысячы жыхароў Быхава засталіся без вады

З-за аварыі на мясцовым калектары водазабеспячэнне адключылася ў найбуйнейшым мікрараёне Быхава, што на Магілёўшчыне. Аднаўленчыя працы вядуцца ўжо другія суткі. Мясцовыя жыхары атрымліваюць ваду з прывазных цыстэрнаў і адзінай калонкі. Калектар цэнтральнай сістэмы каналізацыі змантавалі яшчэ ў 1973 годзе. Але прычына аварыі не ў старасці камунікацый, лічаць адмыслоўцы. Ад грунтавых водаў прасела глеба, і калектар праваліўся. Цэнтральную частку горада, а гэта больш за дзве тысячы чалавек,  ад водазабеспячэння давялося адключыць.

Без вады засталіся 2 школы і чатыры дзіцячыя садкі. З улікам дэфіцыту вады кухарам дзіцячых сталовых прыйшлося пераглядаць меню, а дзецям есці з аднаразовага посуду.

СТВ