Дзяцей у Кітаі называюць імем "Алімпійскія гульні"

За апошнія 15 гадоў больш за чатыры тысячы кітайскіх дзяцей названыя імем Аоюнь, што азначае "Алімпійскія гульні", перадае БЕЛТА. Папулярнасць гэтага імя, на думку многіх, з'яўляецца своеасаблівым выразам падтрымкі летняй Алімпіяды, якая адкрыецца ў Пекіне ў пачатку жніўня. Супрацоўнікі дэпартаментаў, якія выдаюць пасведчанні аб нараджэнні, кажуць, што большасць Аоюнаў — хлопчыкі.

Упершыню імя Аоюнь з'явілася ў Кітаі ў 1992 годзе, калі Кітай падаў заяўку на правядзенне ў сябе Алімпійскіх гульняў 2000 года. Тады было зарэгістравана 680 дзяцей з такім імем.

У Кітаі даволі часта дзяцей завуць імёнамі, якія сімвалізуюць якія-небудзь вялікія падзеі або лозунгі. Сярод найболей распаўсюджаных — імёны, якія ў перакладзе азначаюць "Абарані Кітай", "Ствары нацыю" і "Вандроўка ў космас". У краіне таксама зарэгістраваная амаль 291 тысяча імёнаў "Цывілізацыя".