Дзяржаўныя адвакаты прапануюць затрыманым адказваць на ўсе пытанні

У Мінску сёння прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная сітуацыі з затрыманнямі актывістаў дэмакратычнага руху. Перад прысутнымі выступілі праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі, а таксама родня тых, каго затрымалі супрацоўнікі КДБ і МУС апошнімі днямі.  Было паведамлена, што ўсе затрыманыя, якія знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна, атрымалі перадачы. Стэфановіч сумняецца ў тым, ці аказваецца ім належная адвакацкая дапамога. Паводле яго словаў, адвакаты, якіх прапануюць следчыя органы, раяць затрыманым адказваць на ўсе пытанні. І тлумачаць гэта тым, што "пасля іх могуць выпусціць дахаты".

Падчас прэс-канферэнцыі былі абмеркаваныя сувязі паміж затрыманымі і колішняй дзейнасцю арганізацыі "Белы легіён". Прысутныя прыйшлі да высновы, што насамрэч выбух быў скарыстаны як прычына дзеля таго, каб ізноў распачаць справу супраць гэтай арганізацыі, да якой улады тояць непрыязнь яшчэ з канца 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Мікалай Карнейчук, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Фота - photo.bymedia.net