Дзярждума падключылася да вызвалення расіян
Намаганні па найхутчэйшым вызваленні грамадзян Расіі, затрыманых у Мінску 19 снежня, робяцца не толькі па лініі МЗС РФ, але і Дзярждумы.
Пра гэта паведаміў у эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы" намдырэктара дэпартамента друку МЗС Расіі Аляксей Сазонаў.
Ён нагадаў, што напярэдадні Мінскі гарадскі суд адмовіў дзевяці расіянам у датэрміновым вызваленні. Пасля гэтага адбылася тэлефонная размова статс-сакратара МЗС Расіі Рыгора Карасіна з амбасадарам Беларусі ў Маскве Васілём Даўгалёвым. Амбасадару было ўказана, што расійскі бок настойвае на неадкладным вызваленні затрыманых расійскіх грамадзян.
"Усім тым расіянам, якія застаюцца ў зняволенні, амбасада акажа садзейнічанне ў консульскім і прававым плане", — адзначыў Сазонаў.