Дзярждума Расіі ратыфікавала пратакол пра пастаўкі нафты ў Беларусь

Дзярждума Расіі 12 лютага ратыфікавала пратакол пра ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь. "За" выказаліся 436 дэпутатаў, адзін ўстрымаўся, супраць не галасаваў ніхто, адзначае БЕЛТА. Дакумент выклікаў гарачую дыскусію ў ніжняй палаце расійскага парламента. У прыватнасці, дэпутат Анатоль Локаць, які выступаў ад фракцыі КПРФ, адзначыў, што разгляд пытання пра пастаўкі нафты ў Беларусь у чарговы раз ставіць расійскі бок перад неабходнасцю вызначыцца, у чым складаецца карэнны інтарэс Расіі ва ўзаемаадносінах з Беларуссю. "6,3 млн т бязмытнай нафты, якія паводле пратаколу павінны быць пастаўленыя ў Беларусь, - гэта кропля ў параўнанні з тым, што Расія пастаўляе на Захад. У гэтай кроплі адлюстроўваецца ўсё то, як Расія падыходзіць да будаўніцтва Саюзнай дзяржавы", - сказаў ён. Анатоль Локаць адзначыў, што часцяком адносіны з партнёрамі Расія будуе зыходзячы з інтарэсаў алігархічных структур.

Ратыфікаваны Дзярждумай пратакол быў падпісаны 27 студзеня ў Маскве пасля некалькіх раўндаў складаных перамоваў першага віцэ-прэм'ера Беларусі Ўладзіміра Сямашкі і віцэ-прэм'ера Расіі Ігара Сечына.

Сёння ж пытанне аб ратыфікацыі пратаколу збіраецца разгледзець на пазачарговым паседжанні верхняя палата расійскага парламента - Савет Федэрацыі.