Эцюды Шапэна расслабляюць беларускіх кароў

А ў баранавіцкім водаканале пры дапамозе класічнай музыкі ачышчаюць ваду.
У Баранавічах вынайшлі новую тэхналогію ачысткі вады. Пасля “праслухоўвання” Моцарта і Вівальдзі вада становіцца смачнейшай, а людзі, якія яе п’юць, – весялейшымі. Пра гэта ў інтэрв’ю Еўрарадыё расказала інжынер-тэхнолаг баранавіцкага “Водаканала” Ірына Роўба:

“У нас гэта не так даўно ўжываецца, толькі з канца жніўня. Але ўжо за пару гэтых месяцаў ёсць лабараторныя даныя пра паляпшэнне агульнага паказчыка ачысткі вады. Будзем спадзявацца, што нашыя гараджане будуць казаць, што так – настрой палепшыўся. І гэта перадаецца менавіта з вадой!”

Згодна з апошнімі даследаваннямі навукоўцаў, вада, як і чалавек, мае памяць. Больш за тое – яна жывая!

Роўба: “У кожнай клетачцы вады ёсць ячэйкі памяці, якія, як на магнітафонную стужку, запісваюць ўсё, што яна чуе і адчувае. Вада не толькі ўлоўлівае музыку, але таксама рытм і эмоцыі чалавека. На сённяшні дзень ужо даказана, што яна жывая субстанцыя. Таму ёсць ужо даказаныя даследаванні, што калі ўключыць спакойную класічную музыку, вада заражаецца пазітыўнай энергіяй, а пасля пазітыўныя эмоцыі транспартуюцца на кожны дом”.

Музыка гучыць у памяшканні, дзе адбываецца ачыстка вады. Такім чынам і заражаецца пазітывам, – расказвае інжынер-тэхнолаг. Дарэчы, Баранавічы – гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе ваду “накачваюць” класічнай музыкай:

“У Беларусі больш такога няма. Гэта ідэя нашага дырэктара, ён быў ініцыятарам – прапанаваў. Мы ўхвалілі, падабралі пералік музыкі да праслухоўвання”.

Моцарта слухае не толькі вада ў Баранавічах, але і каровы ў беларускіх вёсках. Так, у калгасе “Сноў” Нясвіжскага раёна ўжо чатыры гады каровы расслабляюцца пад музыку Шапэна і Баха. Мы запыталіся ў заатэхніка Мікалая Чарняўскага, ці будуць каровам і надалей ставіць класіку:

Мікалай Чарняўскі: “Працягваем, канечне: нельга ж перапыняць”

Тое, што ад праслухоўвання Баха ў кароваў павялічваюцца надоі – не даказана, - кажа заатэхнік. Але затое яны становяцца больш спакойнымі і расслабленымі:

“Кажуць, што надоі павялічваюцца. Але мы такі эксперымент не ставілі. Але эксперыментальна даказана, што яны паводзяць сябе больш спакойна... І музыка таксама павінна быць лёгкая – Шапэн, Бах”.

ЕРБ: Дык можа малако становіцца смачнейшым?

Мікалай Чарняўскі: Не (смяецца). Проста жывёла становіцца больш спакойная і расслабленая