Эдуард Занкавец стане галоўным трэнерам хакейнай зборнай Беларусі

Галоўным трэнерам зборнай Беларусі па хакеі стане Эдуард Занкавец. Дапамагаць яму будуць таксама беларускія спецыялісты Андрэй Гусаў, Аляксандр Андрыеўскі і Ўладзімір Цыплакоў. Такое рашэння прыняла сёння Федэрацыя хакея. На пасаду трэнера прэтэндавалі ўсе чацвёра, але выбар трапіў менавіта на Занкаўца. “Гусаў, Андрыеўскі і Цыплакоў самі выказалі такую ініцыятыву і зацікаўленасць. На іх думку, менавіта Эдуард Занкавец павінен узначальваць нашу зборную на будучым чэмпіянаце свету”, ― распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар федэрацыі Аляксандр Ванковіч.

Ён адзначыў, што бліжэйшым часам кандыдатура Занкаўца будзе пададзеная на зацвярджэнне ў Міністэрства спорту, а ўжо 9 красавіка зборная збярэцца на сваю першую трэніроўку. Не выключана таксама, што ў трэнерскі штаб каманды ўвойдзе і спецыяліст па працы з абаронцамі Дэйв Льюіс, які дапамагаў на Алімпіядзе Міхаілу Захараву.

Што тычыцца Захарава, то, па словах Ванковіча, яго кандыдатура разглядалася першапачаткова. Аднак улічваючы кантракт трэнера са зборнай Украіны, было вырашана адпусціць трэнера ў суседнюю краіну.