Экалагічныя арганізацыі выступілі супраць рэпрэсій у Беларусі

Міжнародныя і расійскія экалагічныя арганізацыі накіравалі два звароты супраць масавых рэпрэсій у Беларусі, што разгарнуліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у краіне. Адзін з іх адрасаваны прэзідэнту Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву, другі — краінам-удзельніцам АБСЕ, паведамляе БелаПАН.
Пад зваротам да краін АБСЕ з заклікам аб неабходнасці запуску адносна Беларусі так званага маскоўскага механізму падпісаліся, сярод іншых, Экалагічны праваабарончы цэнтр "Беллона" (Расія), а таксама Міжнародны сацыяльна-экалагічны саюз (МСаЭС) — міжнародная экалагічная арганізацыя, куды ўваходзяць члены з 17 краін Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі.

Сутнасць "маскоўскага механізму" заключаецца ў тым, каб АБСЕ, пры ініцыятыве і падтрымцы як мінімум 10 краін-удзельніц, сфарміравала і накіравала ў краіну, якая выклікае асаблівую занепакоенасць, надзвычайную камісію. Гэтая місія праводзіць даследаванні і піша справаздачу, якая з'яўляецца потым афіцыйным дакументам АБСЕ, на яго аснове выпрацоўваюцца рэкамендацыі па змяненні сітуацыі. У выпадку ж адмовы краіны ад супрацоўніцтва ўзнікаюць больш сур'ёзныя наступствы — у выглядзе санкцый.

 Эколагі выказваюць асаблівую занепакоенасць з-за афіцыйнага маўчання кіраўнікоў Расіі наконт таго, што адбываецца ў Беларусі, што, на іх думку, стварае не самы лепшы імідж краіны ў вачах міжнароднай супольнасці.