Эксперт: Наўрад ці Паўднёвая Асеція ўвойдзе ў склад Расіі

Паўднёвая Асеція можа ўвайсці ў склад Расіі, паведамляюць расійскія СМІ. Пра гэта заявіў кіраўнік рэспублікі Эдуард Какойты ў інтэрв'ю агенцтву Reuters.
"Мы будзем будаваць сваю дзяржаўнасць, але будзем у саюзе з Расіяй. Мы не выключаем, што мы ўвойдзем у склад Расійскай Федэрацыі", — прыводзяць СМІ словы Какойты.

Еўрарадыё пацікавілася ў палітолага-міжнародніка Юрыя Шаўцова, ці слушна Беларусь зацягвала з прызнаннем паўночнакаўказскай рэспублікі. Эксперт мяркуе, што заява Эдуарда Какойты мела толькі тэарэтычны характар:

Шаўцоў: “Я ўвесь час трымаю кантакт з паўднёваасецінскімі палітыкамі і журналістамі. Яны мне ні ўчора, ні сёння пра гэта не казалі. Я думаю, гэта хутчэй за ўсё не вельмі зразумелыя крокі іхняга прэзідэнта. Якраз сёння ён распусціў урад”.

Акрамя таго, удакладніў палітолаг, на днях Эдуард Какойты вылучыў тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Грузіі. На ягоную думку, адзін з раёнаў Грузіі павінен адысці да Паўднёвай Асеціі.