Эксперты АБСЕ ў справе гібелі Бябеніна прыбылі ў Мінск

Эксперты АБСЕ прыбылі ў Мінск для азнаямлення з матэрыяламі праверкі па факце гібелі журналіста Алега Бябеніна, паведаміў прадстаўнік офісу АБСЕ карэспандэнту РИА-Новости. Два эксперты-крыміналісты з Нарвегіі і Швецыі пачнуць працу заўтра, у аўторак. У часе знаходжання ў Беларусі яны не плануюць сустракацца з прэсай. Раней прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных заяўляў, што эксперты будуць знаходзіцца тут столькі, колькі ім патрэбна. Асноўная частка матэрыялаў справы Бябеніна перакладзеная для іх на англійскую мову.

Стваральніка і кіраўніка інтэрнэт-выдання Хартыя’97 Алега Бябеніна знайшлі засіленым у сябе на лецішчы ў пачатку верасня. Калегі журналіста не вераць у версію з самазабойствам і звязваюць яго гібель з тым, што Алег Бябенін быў паплечнікам аднаго з верагодных кандыдатаў у прэзідэнта — Андрэя Саннікава.