Эксперты падлічылі колькасць доларавых мільярдэраў у свеце

Эксперты падлічылі колькасць доларавых мільярдэраў у свеце

У 2015 годзе ў свеце было больш за 2400 чалавек з маёмасцю больш за 1 мільярд долараў. Такую лічбу называе арганізацыя Wealth-X, як інфармуе Бі-Бі-Сі.

Арганізацыя штогод падлічвае колькасць людзей з высокімі прыбыткамі. Агульная маёмасць мільярдэраў у свеце летась склала 7,7 трлн долараў. Узятыя разам, мільярдэры маюць грошай больш, чым ВУП большасці краін свету — акрамя ЗША і Кітая.

Большая частка мільярдэраў жыве ў Еўропе — тут іх 806 чалавек. За год колькасць мільярдэраў у гэтай частцы свету вырасла на 4%. Іх сукупная маёмасць склала 2,3 трыльёна долараў.

У Паўночнай Амерыцы мільярдэраў трошку менш — 628 чалавек. Аднак яны багацейшыя за еўрапейцаў: іх сукупная маёмасць перавышае 2,5 трыльёна долараў.

У Азіі летась колькасць мільярдэраў вырасла адразу на 15% — да 645 чалавек.

На Блізкім Усходзе, які дае нафту, пражывае 166 мільярдэраў. Іх маёмасць — 450 млрд долараў.

Найменшая колькасць мільярдэраў — у Афрыцы: 41 чалавек. Іх агульная маёмасць — 98 млрд долараў.

Сярод мільярдэраў толькі 294 жанчыны. Ім належыць 876 млрд долараў.

Сярэдні ўзрост мільярдэра-мужчыны — 63,2 года, а мільярдэра-жанчыны — 62,2 года. 85% сусветных мільярдэраў жанатыя.

56% усіх мільярдэраў, як паведамляецца, зарабілі свае грошы самастойна, 13% атрымалі ў спадчыну, а 31% — часткова успадкавалі, а часткова зарабілі.

Асноўнымі крыніцамі прыбыткаў сталі інвестыцыі і фінансавы сектар.