"Экспрапрыяцыя экспрапрыятараў" у Гродне не ўдалася

Былы супрацоўнік аднаго з гульнявых клубаў Гродна за колькі гадзінаў прайграў шэсцьсот тысяч рублёў за гульнявым аўтаматам. Тады хлопец вырашыў пайсці ва-банк.  Пашкодзіўшы замок гульнявога аўтамата, ён дастаў з яго прайграныя сродкі ды яшчэ "прэмію" — больш за 400 тысяч.

Працэс "экспрапрыяцыі" зафіксавала камера відэаназірання, а неўзабаве на месца дзеяння прыбылі супрацоўнікі следча-аператыўнай групы. Яны здзівіліся бестурботнасці зламысніка, які раней сам працаваў ахоўнікам у гульнявой установе і павінен быў ведаць, як працуе сістэма бяспекі.

Распачатая крымінальная справа па ч.1 арт.205 КК РБ "Крадзеж", якая прадугледжвае да чатырох гадоў пазбаўлення волі, паведамляе сайт s13 са спасылкай на УУС Гродзенскага аблвыканкама.