Electrokids: “Нашая мэта — прасоўваць беларускіх музыкаў”

Еўрарадыё запрасіла на каву Віталя aka T-Trider і Наташу, удзельнікаў промагрупы Electrokids, якая на слыху нават у аматараў фолька.
Тося Кукс: Сябры, давайце пачнем з гісторыі стварэння промагрупы Electrokids.

Віталь (T-Trider): Промагрупа Electrokids узнікла ў 2002 годзе. Гэта быў фестываль беларускай электроннай музыкі “Система элетронного безумия” частка першая. Спачатку ў нас не было назвы Electrokids. Яна з’явілася праз месяцы тры-чатыры. Першапачаткова ў яе ўваходзілі я, Антон Murzillah і Ігар Пуля. Потым пэўны час арганізацыяй мерапрыемстваў займаліся толькі я і Антон, потым да нас далучыліся Ігор Куноўскі і Наташа Empty. А зараз ўсёй арганізацый займаюся я і Наташа. Ну і Антон, але ён у асноўным дызайнам займаецца.

Калі мы пачыналі, мы ўвогуле не планавалі ніякай промагрупы, не хацелі быць вядомымі. Мы проста пісалі музыку. У нас была тусоўка прыкладна з пятнаццаці музыкаў, якія мелі зносіны паміж сабой. Быў час, калі ў Мінску не адбывалася ўвогуле ніякіх мерапрыемстваў: недзе з 1998 па 2002 год. Нас натхніла імпрэза ад Комбі. Ён зараз жыве ў Швейцарыі, а тады арганізоўваў мерапрыемства ELKA.MNSK. Мы натхніліся ім і зразумелі, што гэта людзям трэба, і вырашылі паказаць сваю музыку людзям, запрасілі сваіх сяброў на першую вечарыну. Прыйшло на той момант вельмі шмат народу — сто ці сто пяцьдзесят чалавек. Гэта і быў першы СЭБ. І мы зразумелі, што людзі прагнуць гэтага, і вырашылі працягваць гэта рабіць.

Тося: Якой была вашая музычная палітыка?

Віталь: Да камерцыі мы ніколі не цягнуліся. Ідэя была прасоўваць музыку ў Беларусі, нашых музыкаў у тым ліку, і за мяжой. Гэта і ёсць нашая музычная палітыка.

Наташа: Асноўны накірунак нашай дзейнасці — гэта перш за ўсё прасоўванне нашых беларускіх музыкаў. Безумоўна, мы праводзім імпрэзы і іншага плану: з ламанай музыкай, з драм’эн’бэйсам ў прыватнасці, запрашаем цікавых музыкаў з СНД. Але ўсё ж такі для нас галоўнае — прасоўванне нашай беларускай музыкі.

Тося: Што апошнім часам вас сапраўды здзівіла на “не вашых” мерапрыемствах?

Віталь: Мяне зараз вельмі цяжка здзівіць. Увогуле нерэальна. Я хаджу ў клубы проста каб мець зносіны з сябрамі.

Тося: Якога ды-джэя, дарэчы, лічыце сапраўдным прафесіяналам?

Наташа: Важна, каб ды-джэй здолеў прадставіць музыку так, каб усім спадабалася. Вось Віталік T-Trider ёсць, Walder, Sworm, Rog.

Тося: А не вашыя сябры?

Наташа: А ўсе мінскія ды-джэі нашыя сябры ў той ці іншай ступені. Мінская электронная сцэна малая, і ўсе адзін аднаго ведаюць. У Брэсце вельмі шмат цікавых музыкаў.

Віталь: Увогуле гэта вельмі пладавіты горад у плане музыкі: Access Denied, Аoo&ooA і іншыя. Нас заўсёды музыкі цікавяць. А калі музыка і ды-джэй ў адной асобе, гэта ўвогуле выдатна.

Наташа: У прынцыпе не кожны музыка — таленавіта ды-джэй і наадварот. Чалавек можа пісаць вельмі цікавую музыку, але з працай з публікай у яго могуць быць праблемы і ў яго не атрымліваецца прадставіць свой сэт максімальна цікава. Майстэрства ды-джэя ў першую чаргу заключаецца ў граматнай падачы матэрыяла, ў зборы матэрыяла і данясенні яго да публікі. Сярод музыкаў таксама ёсць вельмі таленавітыя ды-джэі. У прынцыпе, на СЭБах гэта можна адчуць. Усе выступоўцы граюць сваю музыку і з’яўляюцца адначасова і музыкамі, і ды-джэямі. У прынцыпе, у гэтым асноўная ідэя “Системы электронного безумия” як фестывалю. Там паказваецца 100% аўтарская беларуская музыка.

 Увогуле ў нас пастаянна з’яўляюцца новыя музыкі, а тыя, хто граюць даўно, растуць менавіта ў прафесійным плане: музыка становіцца больш якаснай і цікавай. У Беларусі музыкі, што працуюць над сабой, адназначна прагрэсуюць. Маладыя адпаведна арыентуюцца на старых”. Карацей, развіццё ёсць адназначна, таму што ёсць людзі, якім гэта цікава, і ёсць людзі, якім цікава гэта прасоўваць.

Тося: Ці будзе беларуская электронная музыка ісці па слядах еўрапейскай?

Наташа: Нашыя музыкі арыентуюцца ўсё ж такі на Захад, таму што там сцэна ўсё ж развітая палепш, чым у нас. Безумоўна ёсць і чыста беларускія рысы. Ад гэтага нікуда не дзенешся, таму што ўсе мы жывем тут. Але, тым не менш, я падазраю, што большасць музыкаў арыентуецца на заходніх паспяховых калегаў. Уплыў Захада ёсць.

Тося: Ці часта здараецца, што не вы шукаеце новых музыкаў, а музыкі самі вас шукаюць, каб падзяліццца сваімі напрацоўкамі?

Наташа: Так, такое здараецца вельмі часта. Нам прыносяць дыскі, кідаюць спасылкі, мы яе спампоўваем.

Віталь: Бабіны часам даюць (смяецца). Вось мне дарэчы прынеслі нядаўна. А ўвогуле людзі тэлефануюць, пішуць у “аську”.

Наташа: Усім усё ж такі хочацца пэўнага прызнання. Нам вельмі прыемна, што мы можам даць магчымасць беларускаму музыканту выступіць на публіцы. Прычым нашы мерапрыемствы ў асноўным з’яўляюцца даволі шматлікімі.

Тося: А якія першыя асацыяцыі з вашай промагрупай?  Electrokids – гэта…

Наташа: ... гэта Electrokids (смяецца).

Віталь: Шмат хто кажа, што ў нас весела і пазітыўна заўсёды. Я думаю, што гэта нас і адрознівае.

Наташа: Весела, па-хатняму, па-сяброўску і добрая атмасфера. Усе людзі прыходзяць да нас у добрым настроі, шмат хто ведае адзін аднаго. Яны прыходзяць адпачыць, паразмаўляць.

Тося: Вы можаце сказаць, што вы сябе знайшлі?

Віталь: Так сказаць можна — але не трэба, бо тады можна спыніцца і нічога не рабіць.

Наташа: Мы знайшлі свой шлях, мы займаемся любімай справай. Мы бачым, што ёсць, куды расці, і спыняцца мы не збіраемся.
 
Фатограф: Таранціна

Падчас выхаду інтэрв'ю ў эфір выкарыстоўваліся наступныя трэкі:
1. Electrokids - Amazing
2. Electrokids - Ralala
3. Electrokids - Happy Bastards 128
4. Dreamlin - Flying Away
5. Dreamlin - Mystic Ahead