Эліс Купер і Слэш атрымаюць узнагароду MusiCares

Заслужаныя рокеры Эліс Купер і Слэш стануць уладальнікамі прэмій, якія штогод прысуджаюць амерыканскім фондам MusiCares пры Рэкордынгавай асацыяцыі Амерыкі. Цырымонія ўручэння ўзнагарод адбудзецца 9 траўня ў Галівудзе. Купер атрымае прэмію Stevie Ray Vaughan Award за сваю адданасць музыцы, а Слэшу будзе ўручаная ўзнагарода MusiCares From The Heart Award за яго ўнёсак у працу арганізацыі.

MusiCares з'яўляецца своеасаблівым прафсаюзам, які дапамагае ўсім удзельнікам музычнай індустрыі, якія знаходзяцца ў цяжкім фінансавым становішчы ці маюць праблемы са здароўем.

Пры MusiCares існуе MAP Fund, дзейнасць якога накіраваная на дапамогу музыкам, якія пакутуюць ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці.

Паводле словаў Эліса Купера, калі ён «20 гадоў таму спрабаваў пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці, фонд MusiCares MAP Fund яшчэ не існаваў. Гэта выдатна, што музыкам і іншым людзям, звязаным з музычнай індустрыяй, зараз ёсць куды звярнуцца за дапамогай».

Слэш, які знаёмы з праблемай алкагалізму не па чутках, заявіў, што «ў музычным свеце вельмі важна, але і так сама складана весці цвярозае жыццё. Першы крок да ачуньвання - папрасіць дапамогі. А MusiCares MAP Fund можа даць такую дапамогу музыкам".

У сваю чаргу, заснавальнікі MusiCares падзякавалі рокерам за іх сталую падтрымку фонду, адзначыўшы, што зараз праблемы алкагалізму і наркаманіі як ніколі актуальныя для сяброў музычнай суполкі, незалежна ад іх сацыяльнага становішча і роду дзейнасці.

Эліс Купер і Слэш таксама пагадзіліся прыняць удзел у музычнай праграме ўзнагароджання. Кампанію ім складуць гурты Blind Melon і Camp Freddy.

Фота: www.metalsucks.net