Элтан Джон адмяніў тур па Еўропе

Маэстра Элтан Джон адмяніў сваё турнэ па Еўропе, падчас якога ён збіраўся прадставіць публіцы праграму свайго лас-вегаскага шоў «Red Piano».
Нагадаю, што музыка выступаў з гэтай праграмай у сусветнай сталіцы забаваў на працягу 2005-га 2006-га гадоў, а на пачатку гэтага году вырашыў парадаваць сваіх фэнаў і ў Еўропе. Паводле прадстаўнікоў Элтана Джона, тур адменены з-за неўпэўненасці выканаўцы ў тым, што прамоўтэры здолеюць забяспечыць належныя ўмовы для правядзення шоў.

На канцэртах Джона ў Лас-Вегасе выкарыстоўваліся складаныя тэхнічныя канструкцыі і спецыяльны сцэнічны рэквізіт, якія планавалася выкарыстоўваць і падчас туру. Аднак праз некаторы час высветлілася, што далёка не ўсе пляцоўкі здолеюць выканаць умовы тэхнічнага райдэра.

Дадам, што тур «Red Piano» павінен быў пачацца 5 чэрвеня ў Венецыі і ахапіць Берлін, Маскву, Парыж і Сэвілью. Паводле афіцыйнай заявы прэс-службы музыкі, Элтан Джон шкадуе, што так атрымалася, але яго віны ў гэтым няма.

Дадам, што ў сэра Джона засталося цяпер толькі некалькі летніх канцэртаў у Вялікабрытаніі.

Фота: news.boisestate.edu