Эмануіл Зэльцэр хоча засудзіць кампанію "Белнафтахім"
Амерыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр і яго сакратарка Уладлена Функ падалі пазоў у Бруклінскі федэральны суд.
Яны вінавацяць канцэрн "Белнафтахім" у дачыненні да іх арышту ў Беларусі ў 2008 годзе. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на амерыканскую газету Daily News.
Сума пазову, складзенага на 26 старонках, — 140 мільёнаў долараў. Зэльцэр і Функ абвінавачваюць "Белнафтахім" у тым, што канцэрн "стаяў за несправядлівым арыштам і катаваннямі з боку беларускага ўрада і дыктатара Аляксандра Лукашэнкі".
Зэльцэр сцвярджае, што ў сакавіку 2008 года сустракаўся ў Лондане з расійскім алігархам Барысам Беразоўскім, калі агенты КДБ падсыпалі снатворнае ў яго кавы. А потым яго з Функ таемна вывезлі ў Беларусь на асабістым самалёце Беразоўскага. Па словах Зэльцэра, гэта выкраданне было распрацавана, "каб прымусіць ўрад ЗША адмяніць эканамічныя санкцыі, накладзеныя на "Белнафтахім", які быў найбуйнейшым экспарцёрам беларускіх тавараў у ЗША".
Па звестках амерыканскай газеты, беларускі канцэрн прадстаўляе юрыдычная фірма White&Case. Гэтая кампанія нязменна ўваходзіць у топ-5 найлепшых юрыдычных фірмаў свету па даных аўтарытэтных рэйтынгаў Chambers Global, Who's Who Legal і Legal 1000.
Пазоў да "Белнафтахіму" з аналагічным зместам Зэльцэр і Функ падавалі таксама ў ліпені 2012 года ў суд Кінгс-Каўнці ў Нью-Ёрку.
Прэс-сакратар "Белнафтахіма" Марына Касцючэнка, каментуючы сітуацыю, заявіла: "Мы з Зэльцэрам ніякіх кантрактаў, абавязанняў не падпісвалі і ніякіх адносін не маем".
Фота — www.kommersant.ru