ЕС абмяркоўвае ўводзіны іміграцыйнай блю-карты

Краіны — чальцы ЕС, з мэтай стымуляваць прыток высокакваліфікаванай рабочай сілы з трэціх краін, разглядаюць варыянт уводзін адмысловага дазволу на знаходжанне — накшталт грын-карты ЗША, толькі блакітнага колеру — блю-карты. Як паведамляюць латвійскія СМІ, цяпер міністры замежных справаў краін ЕС абмяркоўваюць асноўныя пункты будучай дырэктывы.
У прыватнасці, вырашаюцца пытанні, ці ўсталёўваць мінімальную зарплату для спецыяліста з трэціх краін і хто можа падпадаць пад гэтую катэгорыю. У Брусэлі хочуць, каб уладальнік блакітнай карты атрымліваў права на працу на два гады у той ці іншай краіне ЕС. Па заканчэнні гэтага тэрміну і пры адсутнасці якіх-небудзь праблемаў імігрант зможа па жаданні працягнуць кантракт у гэтай дзяржаве або свабодна пераехаць у любую іншую краіну ЕС. Уладальнікам блю-карты абяцаюць таксама прыспешыць атрыманне доўгатэрміновых відаў на жыхарства. Як заявіў камісар ЕС па ўнутраных справах Франка Фратыні у верасні 2007 г., толькі 5% мігрантаў у Еўропу можна назваць кваліфікаванымі спецыялістамі, а ў ЗША такіх — 55%. "З дапамогай новага падыходу мы павінны змяніць гэтыя лічбы", — кажа еўракамісар. Цяпер краіны — чальцы ЕС вырашаюць, ці лічыць прафесіяналам чалавека з вышэйшай адукацыяй або вырашальным павінен быць досвед працы ў пэўнай сферы больш за 3-5 гадоў. Латвія, у прыватнасці, настойвае на тым, каб у дырэктыву быў унесены пункт, па якім кожная краіна будзе мець права сама вызначаць колькасць завозных адмыслоўцаў у адпаведнасці з запатрабаваннямі рынку працы.
БелаПАН.