ЕС чакае паслядоўнага прагрэсу ў палітычнай лібералізацыі ў Беларусі

Вялікабрытанія плануе ўважліва прааналізаваць сітуацыю ў Беларусі напярэдадні разгляду ў лістападзе пытання аб візавых санкцыях Еўрасаюза ў адносінах да беларускіх чыноўнікаў. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН паведаміла пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Розмары Томас. "ЕС хоча больш цесна ўзаемадзейнічаць з Беларуссю на падставе агульных мэт і каштоўнасцяў. Я спадзяюся, што ў перыяд маёй працы ў Мінску мы ўбачым рэальны прагрэс у гэтай сферы і зможам выйсці за межы абмеркавання гэтых санкцый", — сказала яна.

Томас адзначыла, што цяпер усе краіны ЕС аналізуюць сітуацыю ў Беларусі, таму "пакуль рана рабіць прагнозы" пра тое, якое рашэнне Савет ЕС можа прыняць у лістападзе. Пры гэтым пасол падкрэсліла, што ЕС не чакае, што ў Беларусі "будзе зроблена ўсё адразу". Тое, што мы хацелі б бачыць, — гэта паслядоўны прагрэс у палітычнай лібералізацыі ў Беларусі, — падкрэсліла Томас. — У нас зараз ідзе вельмі важны дыялог. Наша задача зараз — працаваць разам, каб выкарыстаць усе тыя магчымасці, якія існуюць".

Томас таксама паведаміла, што ў першай палове 2010 года пасольства Вялікабрытаніі будзе выконваць у Беларусі функцыі старшыні ЕС ад імя Іспаніі.