ЕС і ПРААН адчынілі у Віцебскай вобласці два турыстычныя цэнтры

Турыстычныя цэнтры адчынілі ў рамках праекта ЕС і ПРААН па ўстойлівым развіцці і падтрымкі навакольнага асяроддзя. Цэнтр у Наваполацку будзе займацца прапагандай экатурызму і аховы навакольнага асяроддзя. Цэнтр у вёсцы Забор'е дапаможа мясцовым экалагічным ініцыятывам аб'яднацца і стварыць якасны турыстычны прадукт. Сёння ў вёсцы ўжо ёсць шэраг аграсядзібаў. А ў мясцовы заказнік штогод прыяжджае шмат турыстаў з Галандыі, Нямеччыны, Польшчы, Францыі, Англіі ды іншых краін Еўропы.

Прадстаўнік ААН у Беларусі Антоніўс Брук распавёў Еўрарадыё, што галоўная мэта такіх праектаў - мясцовае развіццё, развіццё турызму ды падтрымка экалогіі, таму акрамя грошай важна змяніць падыход да вырашэння гэтых пытанняў.

Брук: "Агульны бюджэт праекта - 1,3 мільёна долараў. Але гэтыя грошы пойдуць не толькі Наваполацку, у нас прадугледжана дзейнасць яшчэ ў 35 беларускіх раёнах. Акрамя грошай актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі праекта персанал Праграмы развіцця ААН, Міністэрства прыроды Беларусі і мясцовыя ўлады".

У сваю чаргу кіраўнік Наваполацкага гарвыканкаму Наталля Качанава адзначыла, што горад мае шмат экалагічных ініцыятываў, якія рэалізуе як самастойна, так і сумесна з ПРААН і ЕС. Напрыклад, менавіта ў Наваполацку быў распрацаваны першы ў Беларусі экалагічны турыстычны маршрут.