ЕС падтрымае развіццё тэхналогій чацвёртага пакалення для мабільных сетак

Еўракамісія мае намер у пачатку 2010 года інвеставаць 18 млн. еўра ў распрацоўку новых тэхналогій перадачы звестак чацвёртага пакалення для мабільных сетак. Еўракамісар па тэлекамунікацыях Вівіян Рэдінг заявіла, што тэхналогія LTE (глабальны стандарт бесправадной сувязі G4) пераўтворыць мабільныя тэлефоны ў магутныя партатыўныя камп'ютэры, і мільёны новых карыстальнікаў змогуць пакарыстацца звышхуткім доступам у інтэрнет з мабільнага тэлефона, дзе б яны ні знаходзіліся.

Апошнія распрацоўкі бесправадных тэхналогій дазваляюць мабільнаму інтэрнету дасягаць хуткасці 100 мегабіт за секунду. Гэта ў 10 разоў больш, чым у тэхналогіях 3G, якія выкарыстоўваюцца зараз.

Тэхналогія перадачы звестак чацвёртага пакалення ў мабільных сетках тэстуецца гэтым часам аператарамі ў Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Іспаніі, Нарвегіі, Фінляндыі і Швецыі. Чакаецца, што гэтыя тэхналогіі будуць даступныя ў Нарвегіі і Швецыі ўжо ў першым паўгоддзі 2010 года, паведамляе БелаПАН.