Эстонскі дыпламат абвінаваціў КДБ Беларусі ў правакацыі

Хары Лахтэйн кажа, што здымкі з мінскімі дзяўчатамі, з-за якіх ён падаў у адстаўку, былі фальсіфікаваныя. Пра гэта, па звестках Радыё "Свабода", былы часовы павераны Эстоніі ў Беларусі паведаміў у інтэрв'ю на эстонскім тэлебачанні (ETV). Паводле ягоных словаў, большая частка кампраметуючых яго здымкаў, на якіх ён нібыта фліртуе з некалькімі мінскімі дзяўчатамі, была наўмысна апрацаваная адпаведным чынам. Ён распавёў, як пасля яго апошняга вяртання ў Беларусь з адпачынку некалькі беларускіх знаёмых паведамілі яму, што адчулі прэсінг з боку КДБ. Іх выклікалі ў мясцовыя аддзяленні КДБ, дапыталі і настойліва “параілі” супрацоўнічаць, паведаміў Лахтэйн.

Эстонскі дыпламат сказаў, што некаторыя з яго знаёмых былі вымушаныя пакінуць дзяржаўную службу, спыніць працу над кандыдацкай дысертацыяй і трапілі ў спіс тых, каму забаронены выезд з краіны.

Ён таксама дадаў, што беларускі КДБ, які цесна супрацоўнічае з расійскімі разведвальнымі арганізацыямі, спрабаваў паднесці падобныя "падарункі" ўсім паслам ЕС.