Эстрадныя спевакі падтрымаюць беларускіх гандбалістаў

Эстрадныя выканаўцы падтрымаюць мужчынскую зборную Беларусі па гандболе напярэдадні заключнага матча адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы-2010 супраць Славеніі. 19 чэрвеня групы "Топлесс", "Цягні-Штурхай", Аляксандра Гайдук, Іскуі Абалян і Ларыса Грыбалёва запішуць дыск з прывітальнымі словамі і сваімі кліпамі. Як паведамляе БелаПАН, дыск атрымае кожны з чальцоў зборнай. Відэа будзе дэманстравацца 21 чэрвеня ў Палацы спорту перад гульнёй падчас прадстаўлення беларускай каманды.

Нагадаем, што ў перадапошнім туры 17 чэрвеня каманда Георгія Свірыдзенкі прайграла ў Штутгарце немцам — 27:38 (першы тайм — 12:18), а славенцы перамаглі дома ізраільцян — 40:27. Цяпер беларусы могуць атрымаць пуцёўку ў фінал еўрапейскага першынства, толькі калі выйграюць у нядзелю ў Славеніі з розніцай, большай за 12 мячоў (10 чэрвеня ў Любляне яны прайгралі з лікам 26:38).

Становішча камандаў у 5-й адборачнай групе: Нямеччына — 14 ачкоў (7 гульняў; розніца мячоў 260-170), Славенія — 10 (7; 257-189), Беларусь — 8 (7; 221-197), Ізраіль — 4 (7; 201-229), Балгарыя — 0 (8; 168-322).