Еўрадэпутат Вортман-Кооль: Еўрасаюз не бачыць сур'ёзных зменаў у Беларусі

Еўрасаюз не бачыць сур'ёзных зменаў у Беларусі. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіла віцэ-старшыня фракцыі Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Карын Вортман-Кооль, якая ўдзельнічае ў Беларускім еўрапейскім форуме. Па словах еўрадэпутаткі, галоўная мэта ЕС — прынесці ў Беларусь еўрапейскія каштоўнасці і правы чалавека. Для ЕС важна не толькі эканамічнае супрацоўніцтва, але і агульныя каштоўнасці, таму Еўрасаюз будзе мець з Беларуссю шчыльныя адносіны толькі калі ўбачыць, што беларусы жывуць свабодна.

Вортман-Кооль зазначыла, што беларускія ўлады дэкларуюць тыя ж мэты — збліжэнне з ЕС і дэмакратызацыя. Але за словамі павінны ісці змены, дадала еўрадэпутатка. На яе думку, у беларускіх уладаў ёсць усе магчымасці стаць на шлях дэмакратычных пераўтварэнняў.

Вортман-Кооль паведаміла, што ЕС прапаноўвае афіцыйнаму Мінску ўключыць роўную колькасць дэпутатаў і прадстаўнікоў апазіцыйных партый у беларускую дэлегацыю парламенцкай асамблеі палітыкі Ўсходняга партнёрства — ЕўраНЭСТ.