Еўракааліцыя больш не мае сваіх прадстаўнікоў у АДС

Сваіх прадстаўнікоў адклікае з кіраўнічых органаў Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Еўрапейская кааліцыя. Пра гэта паведаміў Мікола Статкевіч, старшыня аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Паводле яго словаў, у кіраўніцтве АДС "склалася ўстойлівае нееўрапейская большасць". Таксама Статкевіч назваў прычынай сыходу прадстаўнікоў Еўракааліцыі тое, што кіраўніцтва АДС "ігнаруе прапановы пра еўрапейскую выбарчую платформу дэмакратычнай апазіцыі на парламенцкіх выбарах".

Паводле Статкевіча, Еўракааліцыя "выступае за адзінства дэмакратычных сілаў Беларусі ў рэальнай барацьбе за незалежную дэмакратычную еўрапейскую Беларусь", але не жадае ўдзельнічаць "у імітацыі такой барацьбы".

БелаПАН нагадвае, што ў Еўрапейскую кааліцыю ўваходзяць аргкамітэты па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Нароная Грамада), Партыі свабоды і прагрэса і "Маладога фронту".