Еўрапарламент: Апазіцыя павінна быць часткай дыялогу Еўрасаюза і Беларусі

Беларуская дэмакратычная апазіцыя павінна быць часткай дыялогу па паступовым умацаванні адносін Еўрасаюза з Беларуссю. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, якую 15 студзеня Еўрапарламент прыняў большасцю галасоў.
Еўрадэпутаты віталі рашэнне ўлад аб рэгістрацыі руху "За Свабоду", а таксама вяртання ў падпіску недзяржаўных выданняў "Народная воля" і "Наша ніва". Чакаецца таксама, што Мінск створыць умовы для вяртання ў Беларусь Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і акрэдытуе прадстаўніцтва польскага тэлеканала “Белсат”.

У Еўрапарламенце выказалі надзею, што тэндэнцыя да дэмакратызацыі захаваецца. Да прыкладу, у якасці дэманстрацыі сур'ёзнасці намераў збліжэння з ЕС улады Беларусі павінны занесці шэраг змен у Крымінальны кодэкс, гарантаваць свабоду СМІ, сходаў і асацыяцый, працягнуць супрацоўніцтва з АБСЕ па рэфармаванні выбарчага заканадаўства, палепшыць умовы для працы няўрадавых арганізацый.

У дакуменце вітаецца "пазіцыя беларускіх уладаў, нягледзячы на велізарны ціск, не прызнаваць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі". Еўрадэпутаты заклікалі ЕС палегчыць беларусам умовы атрымання шэнгенскіх віз і знізіць памер консульскага збору.

БелаПАН