Еўрапарламентарыі заклікалі Еўрасаюз увесці "прыцэльныя" санкцыі

Еўрасаюз павінен увесці "прыцэльныя, гранічна адрасныя санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва". Такі асноўны лейтматыў паседжання камітэта Еўрапарламента па замежных справах і падкамітэта па правах чалавека, якое адбываецца цяпер у Брусэлі, паведамляе ИТАР-ТАСС. З найбольш вострай прамовай выступіў польскі еўрадэпутат Яцэк Сарыуш Вольскі.

"Мы злоўленыя паміж адсутнасцю зацікаўленасці новай адміністрацыі ЗША, пасіўнасцю Еўрасаюза і рашучасцю Расіі ўзнавіць свой уплыў у Беларусі", — заявіў ён.

Вольскі заклікаў не толькі да ўводу санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, але і да прыняцця праграмы інтэграцыі Беларусі ў Еўропу, "хай нават яна зойме дзесяцігоддзі".

"Нашым партнёрам мусяць быць не беларускія ўлады, а грамадская супольнасць, простыя людзі. Іх паварот у бок Еўропы стане самымі страшнымі санкцыямі для ўсіх адказных за цяперашнія злачынствы ў Беларусі", — падкрэсліў ён.

Сарыуш-Вольскі заклікаў ізноў забараніць уезд беларускім чыноўнікам у краіны ЕС і замарозіць усе іх фінансавыя актывы ў Еўропе.

Пераважная большасць дэпутатаў выступіла за аказанне Еўрасаюзам шырокай падтрымкі прадстаўнікам няўрадавых арганізацый, дэмакратычнай апазіцыі і прадстаўнікам незалежных СМІ Беларусі.