Еўрапейская кінаакадэмія ўручыла ўзнагароды

1 снежня ў Берліне адбылася 20-я юбілейная цырымонія ўручэння ўзнагарод Еўрапейскай кінаакадэміі. Галоўную ўзнагароду атрымаў фільм “4 месяцы, 3 тыдні і 2 дні” румынскага рэжысёра Крысціяна Мунджыў. Раней гэтая карціна заваявала “Залатую пальмавую галіну”.

У намінацыі "Лепшы еўрапейскі фільм" акрамя гэтай карціны былі таксама прадстаўленыя “Па той бок” рэжысёра Фаціх Акін, “Апошні кароль Шатландыі” Кэвіна Макдональда, “Верабейчык” Аліўе Даан, “Персепаліс” Мар'яна Сатрапі і Вінсэна Парона і фільм “Каралева” рэжысёра Стывена Фрырса.

Дадам, што Крысціян Мунджыў таксама быў прызнаны лепшым рэжысёрам.

Лепшай актрысай Еўрапейская кінаакадэмія прызнала брытанку Хэлен Мірэн, якая выканала ролю Лізаветы II у фільме “Каралева” і ўжо атрымала за гэтую працу прыз Венецыянскага кінафэсту.

Ізраільскі акцёр Сасон Габаі названы лепшым акцёрам за ролю ў карціне “Візіт аркестра”.

Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся італьянскаму рэжысёру Джузэпэ Тарнаторы за стужку “Незнаёмка”.

Лепшай кароткаметражнай кінакарцінай прызнаны фільм “Роды іспанца” Эдуарда-Чапэра Джэксана.

Фота: www.arthouse.ru