Еўрапейскі трыбунал справядлівасці будзе закрыты для беларусаў

Беларусы не змогуць звяртацца ў Еўрапейскі трыбунал справядлівасці, нягледзячы на тое, што нашая краіна далучылася да праграмы ЕС "Ўсходняе партнёрства". Пра гэта Еўрарадыё распавёў кардынатар Чэхіі па "Ўсходнім партнёрстве" Мілаш Лекса.  — Еўрапейскі трыбунал справядлівасці — гэта вышэйшая судовая ўстанова Еўрасаюза. Гэта інстытут Еўрапейскага саюза. Ён непасрэдна адносіцца да законаў ЕС. Партнёрскія краіны з Усходняй Еўропы не падпадаюць пад юрысдыкцыю ЕС. Таму суб’екты, якія не ўваходзяць у ЕС, не могуць звяртацца да Еўрапейскага трыбуналу.

Еўрапейскі трыбунал справядлівасці часта блытаюць з Еўрапейскім судом па правах чалавека ў Страсбурзе. Гэта другая судовая інстытуцыя, якая можа прымаць скаргі ад прыватных асобаў. Але для нашых суайчыннікаў яна таксама застаецца недасягальнай. Скаргі ў гэтую установу могуць падаваць грамадзяне краінаў-сябраў Савету Еўропы. Зараз Беларусь застаецца адзінай Еўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у склад Савету Еўропы.

Поўнае інтэрв’ю з кардынатарам Чэхіі па "Ўсходнім Партнёрстве" Мілашам Лексам чытайце тут