Еўрарадыё запускае “Тэлепорт у Галандыю”

З 28 верасня па 9 кастрычніка ў вас ёсць шанец перанесціся ў Галандыю, паслухаўшы нашыя эксклюзіўныя рэпартажы. А таксама выйграць падарожжа ў Амстэрдам! Слухайце галандскія рэпартажы ў эфіры Еўрарадыё з 28 верасня па 9 кастрычніка. Пачатак у 11:30 штодня. У той жа час матэрыялы будуць з'яўляцца на адмысловай “галандскай” старонцы на сайце Еўрарадыё:

http://www.euroradio.fm/by/960/weekh/

Вы пачуеце самыя смачныя факты пра розныя аспекты Галандыі: наркотыкі, музыку, дызайн, архітэктуру, галандскія прывычкі і шмат-шмат іншага.

Каб вам весялей было слухаць рэпартажы, Еўрарадыё на аснове матэрыялаў запускае конкурс “Тэлепорт у Галандыю”. Для ўдзелу ў ім трэба ў перыяд з 28 верасня па 9 кастрычніка ў 11:30 уключаць эфір Еўрарадыё (або заходзіць на “галандскую” старонку), слухаць рэпартаж пра Нідэрланды і адказваць на пытанне па ім да 20:00 бягучага дня.

Калі адказ будзе правільны, удзельнік атрымае адну з дзесяці частак пароля для “тэлепартацыі” ў Галандыю і зможа стаць пераможцам дня. Розыгрыш будзе праводзіцца штодня ў 22:15 у жывым эфіры Еўрарадыё. Для пераможцаў дня Амбасада Каралеўства Нідэрландаў падрыхтавала прызы.

Каб атрымаць галоўны прыз — квіткі на дваіх у Амстэрдам — трэба правільна адказваць на пытанні на працягу дзесяці дзён і сабраць усе дзесяць частак пароля, скласці з іх сказ і даслаць да 20:00 9 кастрычніка. Галоўны прыз будзе разыгрывацца ў прамым эфіры Еўрарадыё 9 кастрычніка ў 22:15.
 
Не прапусціце шанец скарыстацца “Тэлепортам у Галандыю”!

Фота: Міла Котка