Еўрасаюз на эканамічныя санкцыі не адважыўся
Савет міністраў замежных справаў краінаў Еўрасаюза сёння прыняў рашэнне аб аднаўленні візавых санкцыяў супраць шэрагу беларускіх функцыянераў.
Пакуль вядома пра тое, што ў "чорным спісе" — 158 грамадзянаў Беларусі, якім забаронены ўезд у краіны ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах Еўрасаюза будуць замарожаныя.
"Гэтыя абмежаванні і спіс ахопленых імі асоб будуць адкрытымі і ўвесь час будуць пераглядацца. Савет ЕС падкрэслівае, што ў гэтым сэнсе ключавое значэнне мае тое, ці будуць вызваленыя ўсе затрыманыя па палітычных прычынах і ці будуць з іх зняты ўсе абвінавачанні", — гаворыцца ў прынятай дэкларацыі.
З кола асобаў, адказных за парушэнні правоў чалавека ў часе прэзідэнцкай кампаніі, выключаныя кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў і першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.
Да эканамічных санкцыяў, як і чакалася, міністры замежных справаў не дамовіліся.