Еўрасаюз не задаволены "газавым самітам" у Маскве

Еўрапейскі Саюз не задаволены канферэнцыяй па газавым крызісе, якая адбылася ў Маскве. Чэхія як цяперашні старшыня ЕС выдала адмысловую заяву з гэтай нагоды. Міністр энергетыкі Чэхіі Марцін Рыман, які ўдзельнічаў у сустрэчы ад ЕС, адзначыў: Еўрасаюз чакаў, што абодва бакі дасягнуць дамоўленасці па аднаўленні паставак расійскага газу праз Украіну, але гэтага не адбылося.

У той жа час ён назваў пазітыўным той факт, што бакі селі за стол перамоў. Рыман выказаў надзею, што дыскусіі, якія праходзяць цяпер паміж прэм'ер-міністрамі Расіі і Ўкраіны, прывядуць да аднаўлення паставак.

Нагадаем, што прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў 17 студзеня ў Маскве сабраў канферэнцыю краін — транзіцёраў і спажыўцоў расійскага газу ў сувязі з крызісам транзітных паставак газу ў Еўропу праз Украіну. У канферэнцыі ўдзельнічаў таксама прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.

БелаПАН