Еўропа аддае Пятру Ялфімаву апошняе месца

Еўрарадыё пазбірала выказванні на еўрапейскіх форумах адносна беларускага прадстаўніка на сёлетнім “Еўрабачанні”. На гэтым тыдні вызначыўся прадстаўнік Беларусі на сёлетнім Еўрабачанні. Ім, як вядома, стаў Пётр Ялфімаў. Высветлілася, што еўрапейцы з цікаўнасцю назіралі за беларускім адборам і цяпер актыўна каментуюць яго вынікі на афіцыйным сайце конкурсу www.eurovision.tv.

На жаль, шанцы беларусаў гледачы ацэньваюць не высока. Напрыклад, Grigoris96 з Грэцыі называе песню Ялфімава безнадзейнай.

Grigoris96: “Вось ужо чатыры гады Беларусь удзельнічае ў Еўрабачанні, з гэтага часу Грэцыя не дала Беларусі ніводнага балу. Не дадзім і сёлета. Песня, даруйце, безгустоўная”.

Marat з Расіі падзяляе думку грэка і кажа, што для Масквы песня занадта слабая.

Marat: “Беларусь выбрала найгоршы варыянт з усіх магчымых”.

Не дае Ялфімаву ніякіх шанцаў і латвіец Romashka, які шкадуе, што ў Маскву не прыедзе Гюнэш. Дарэчы, менавіта на баку Гюнэш апынулася большасць галасоў еўрапейцаў.

AJJS з Вялікабрытаніі называе нумар спявачкі фантастычным, а на выступленні Ялфімава проста ставіць крыж:

AJJS: “Я не разумею, як Беларусь можа адпраўляць на Еўрабачанне такое смецце!”

З нагоды таго, што Беларусь “цяпер дакладна не патрапіць у фінал” шкадуе Barcеlona calling з Іспаніі, а Stephano з Нідэрландаў спадзяецца, што еўрапейцам хопіць розуму не галасаваць за “жахлівую песню” Ялфімава:

Stephano: “Галандцы, прынамсі, за Пятра Ялфімава не прагаласуюць”.

Польская афіцыйная старонка Еўрабачання піша, што не адбылося ніякага сюрпрызу, і Беларусь працягвае штогод пасылаць на конкурс стэрэатыпных выканаўцаў. Палякі ўсім сэрцам заўзелі за Гюнэш, якая ім нагадвае ісландскую спявачку Б’ёрк.

“Гюнэш бы перамагла ў Маскве, калі б туды паехала”, — піша Tochie і называе Fantastic Girl лепшай сёлетняй песняй.

Tochie: “Калі б перамагла Fantastic Girl, беларусы мелі б шанц перамагчы на Еўрабачанні. У фінал патрапілі б 100%”.

Кamyk лічыць, што Польшча вельмі зацікаўленая, каб песня ад Беларусі была як мага мацнейшая, бо заўсёды аддае нашым высокія балы.

Кamyk: “Польшча заўжды аддае Беларусі высокія балы, спадзеючыся на ўзаемнасць. Але ў выпадку кепскага выступлення мы не дамо нічога, і за беларусаў будуць галасаваць толькі рускія з украінцамі”.

Стваральнікі рэсурсу Eurovision.by называюць Пятра Ялфімава нашай новай надзеяй, хоць не хаваюць расчаравання вынікамі беларускага Еўрафэста.

Eurovision.by: "Ялфімаў. Як заўсёды вакал і нічога больш. Так і хочацца крыкнуць: “Пеця! Апамятайся! Нам патрэбная перамога, а ты яе рэальна можаш прынесці. Не здуры!”.

У той жа час сайт адзначае, што самае лепшае і прыгожае шоў паказалі LiteSound з Дакотай, але дадае, што песня абсалютна не пасавала да нумару. А Пятру Ялфімаву рэкамендуе запазычыць body art у гурта “Вецер у галаве”.

Самым запамінальным нумарам фінальнага вечару па версіі Eurovision.by стала выступленне ўкраінскай спявачкі Ані Лорак:

“Яна не была канкурсанткай, але я ўпэўнены, што за яе галасавалі бы значна актыўней. Вось у каго трэба вучыцца рабіць шоў, нават без пёраў, маляўнічых гарнітураў і іншага…”

Фота: Eurovision.by