Everclear выдаюць складанку чужых хітоў

Альт-рокеры Everclear вяртаюцца да слухачоў з новым альбомам – складанкай кавер-версій класічных хітоў мінулага. Дыск, які атрымаў назву «The Vegas Years» і складаецца з 15 кампазіцый, выйдзе 15 красавіка.

Па словах франтмэна калектыву Арта Алексакіса, на дыск увайшлі перапрацоўкі папулярных песень эпохі 60-80-х, вядомых у выкананні Ніла Янга, Thin Lizzy, Тома Пэці і іншых ветэранаў поп- і рок-музыкі.

Як адзначыў Алексакіс, музыкі «выбіралі лепшае з рытм-н-блюзу 60-х, року 70-х і нават поп-музыкі 80-х».

Дадам, што Everclear пачалі запісваць кавер-версіі сваіх улюбёных песень яшчэ ў сярэдзіне 90-х. А летась гурт прыняў удзел у запісу дыска-прысвячэння гурту Traveling Wilburys, на якім таксама былі прадстаўленыя песні ў выкананні Шона Ленана, Cheap Trick, Міка Ронсана і гітарыста Sex Pistols Сціва Джонса.

Новая пласцінка Everclear стане паслядоўнікам рэлізу 2006-га году «Welcome to the Drama Club». На гэтым альбоме быў прадстаўлены абноўлены склад калектыву.

Нагадаю, што ў 2003-м годзе гурт пакінулі два яго заснавальнікі – басісты Крэйг Мантоя і бубнач Грэг Эклунд. Аднак праз некалькі гадоў Everclear здолелі адрадзіцца.

Цяпер кампанію вакалісту складаюць гітарыст Дэйві Фрэнч, басіст Сэм Хадсан, клавішнік Джон Кроўлі і бубнач Брэт Снайдэр.

Фота: www.livinginplainfield.com