"Experty.by" абвесціць лепшыя беларускія альбомы 2008

18 лютага лепшыя беларускія альбомы мінулага года ўпершыню атрымаюць узнагароды ад сайта "Experty.by". У вызначэнні пераможцаў возьмуць удзел не толькі сталыя аўтары сайта, але і іншыя аўтарытэтныя прадстаўнікі беларускай музычнай медыясуполкі. Цягам году на сайце "Experty.by" былі апублікаваныя рэцэнзіі на 59 беларускіх альбомаў, што ўбачылі свет у 2008 годзе. Кожны дыск адрэцэнзавалі ды ацанілі чатыры сталыя эксперты – Сяргей Будкін, Алег Клімаў, Зміцер Безкаравайны і Зміцер Падбярэзскі. На падставе іх адзнакаў быў вылічаны сярэдні бал кожнага дыску, які і стаў асновай для вызначэння пераможцаў у большасці намінацыяў і ў намінацыі "Найлепшы альбом" уключна.

Кіраўнік праекту Зміцер Безкаравайны зазначыў, што апроч узнагарод непасрэдна ад сталых "экспертаў", музыкі атрымаюць яшчэ некалькі прызоў ад не менш кампетэнтных у музыцы людзей:

Зміцер Безкаравайны: "Разам з тым нам было цікава адлюстраваць і калегіяльнае меркаванне аўтарытэтных прадстаўнікоў беларускай музычнай медыясуполкі. Для гэтага да нашых сталых экспертаў далучыліся яшчэ восем вядомых прадстаўнікоў айчыннай прэсы, радыё і тэлебачання. На падставе сумы гэтых дванаццаці галасоў будзе ўручаны "Прыз вялікага журы".

Таксама ў межах узнагарод будзе ўручаны "Прыз замежных экспертаў" – яго ўладальніка вызначаць крытыкі з пяці краінаў, што мяжуюць з Беларуссю – Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі (па адным з кожнай краіны). Па просьбе "Experty.by" яны праслухалі ўсе беларускія рэлізы году ды абралі найлепшыя.

Галоўнымі прэтэндэнтамі на ўзнагароду "Найлепшы альбом" з’яўляюцца альбом "Маніфест" гурта "Ляпіс Трубяцкой" і "Сон-трава" этна-трыа "Троіца" – абодва дыскі атрымалі ад экспертаў адзнаку ў 9 балаў. Акрамя пераможцаў у намінацыях, на ўзнагародах будуць абвешчаныя тры варыянты Топ-10 найлепшых беларускіх альбомаў за 2008 год – па версіі аўтараў "Experty.by", па версіі "вялікага журы" і па версіі замежных крытыкаў.

Папярэднія вынікі ў выглядзе рэйтынгаў аўтараў "Experty.by" па паўгоддзях ужо апублікаваныя на сайце "Experty.by". Уручэнне ўзнагародаў адбудзецца ў фармаце прэс-мерапрыемства.