"Experty.by" узнагародзіць найлепшыя музычныя альбомы Беларусі 2008 года

18 лютага лепшыя беларускія альбомы мінулага года ўпершыню атрымаюць узнагароды ад сайта "Experty.by". Цягам году на сайце "Experty.by" былі апублікаваныя рэцэнзіі на 59 беларускіх альбомаў, што ўбачылі свет у 2008 годзе. Кожны дыск адрэцэнзавалі ды ацанілі чатыры сталыя эксперты — Сяргей Будкін, Алег Клімаў, Зміцер Безкаравайны і Зміцер Падбярэзскі. На падставе іх адзнак быў вылічаны сярэдні бал кожнага дыска, што і стала асновай для вызначэння пераможцаў у большасці намінацыяў і ў намінацыі "Найлепшы альбом" уключна.

Кіраўнік праекту Зміцер Безкаравайны зазначыў, што апроч узнагарод непасрэдна ад сталых "экспертаў", музыкі атрымаюць яшчэ некалькі прызоў ад не менш кампетэнтных у музыцы людзей:

Зміцер Безкаравайны: "Разам з тым нам было цікава адлюстраваць і калегіяльнае меркаванне аўтарытэтных прадстаўнікоў беларускай музычнай медыясупольнасці. Для гэтага да нашых сталых экспертаў далучыліся яшчэ восем вядомых прадстаўнікоў айчыннай прэсы, радыё і тэлебачання. На падставе сумы гэтых дванаццаці галасоў будзе ўручаны "Прыз вялікага журы".

Таксама ў межах узнагарод будзе ўручаны "Прыз замежных экспертаў" – яго ўладальніка вызначаць крытыкі з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі (па адным з кожнай краіны).

Галоўнымі прэтэндэнтамі на ўзнагароду "Найлепшы альбом" з’яўляюцца альбом "Маніфест" гурта "Ляпіс Трубяцкой" і "Сон-трава" этна-трыа "Троіца" — абодва дыскі атрымалі ад экспертаў адзнаку ў 9 балаў.