Фальшываманетчык адправіў у краму з падробленымі грашыма свайго дзядулю

Злачынную групоўку, якая займалася падробкай 50-тысячных купюраў, затрымалі на мінулым тыдні ў Воранаўскім раёне. Паводле звестак праваахоўных органаў, кіраваў групоўкай былы студэнт гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, астатнія шэсць удзельнікаў групоўкі займаліся збытам гэтых купюраў.

Адну з іх фальшываманетчык даў замест сапраўднай свайму дзядулю і адправіў яго ў краму па пакупкі. У краме заўважылі, што грошы падробленыя, выклікалі міліцыю. Далей праваахоўнікам было не цяжка выйсці на злачынную групоўку.

Цяпер вядзецца следства, фальшываманетчык і яго памагатыя знаходзяцца за кратамі. Паведамляецца, што за час сваёй дзейнасці яны здолелі збыць фальшывых купюраў на тры мільёны рублёў.

Сяргей Апановіч, Еўрарадыё, Гродна