Фанаты БАТЭ пабіліся з міліцыяй на матчы ў Тыраспалі

Фанаты футбольнага клуба БАТЭ ўчынілі бойку з міліцыянтамі на ўчорашнім матчы групавога этапа Лігі Еўропы ў Тыраспалі. Там беларускія футбалісты выйгралі ў мясцовага “Шэрыфа” з лікам 1:0. Пасля таго як на 8-й хвіліне абаронца госцей Сяргей Сасноўскі адкрыў лік, у сектары фанатаў БАТЭ запалілі фаер, які патушыў пажарны. Гэтыя дзеянні суправаджаліся бойкай з праваахоўнікамі. Прыкладна на 30-й хвіліне здарылася яшчэ адна сутычка з міліцыянтамі. Як мінімум два беларускія заўзятары былі затрыманыя.

Усяго на матч у Прыднястроўе прыехалі болей за 200 фанаў з Беларусі, паведамляе БелаПАН.

У іншым матчы групы Е кіеўскае "Дынама" ў гасцях выйграла ў нідэрландскага АЗ — 2:1.

Пасля трох тураў у групе лідыруе БАТЭ — 7 ачкоў (2 перамогі, 1 нічыя, мячы — 7:3), у "Дынама" (Кіеў) — 4 ачкі (1 перамога, 1 нічыя, 1 паражэнне, мячы — 4:5), у "Шэрыфа" і АЗ — па 3 ачкі.

4 лістапада БАТЭ прымае ў Мінску "Шэрыф", а кіеўскае "Дынама" гуляе на сваім полі з АЗ.