Фэст “Жывы гук On-line” пакідае дворык Дому афіцэраў

і перабіраецца пад дах
Другі фестываль “Жывы гук On-line”, запланаваны на 31-га ліпеня ў дворыку Дома афіцэраў, перанесены на 2-га жніўня ў памяшканне кафэ “Т-34”, што знаходзіцца ў будынку Дома афіцэраў.

Прычынай пераносу стала скарга жыхароў дамоў, што прылягаюць да Дому афіцэраў, у якой гаворыцца пра дыскамфорт і шум, які чыніць людзям імпрэза. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла каардынатарка фэсту Ганна Трубачова.

Ганна Трубачова: “Справа ў тым, што мы атрымалі некалькі скаргаў ад жыхароў бліжэйшых дамоў. Гэтага было дастаткова, каб прыслухацца ды перанесці фестываль у памяшканне Т-34”.

Паводле словаў Ганны, фестываль канчаткова мяняе месца дыслакацыі. З прыходам халадоў арганізатары ўжо планавалі перанесці “Жывы гук On-line” пад дах. Аднак  яшчэ да гэтага каля Мінска мусіць адбыцца вялікі фестывальны open air.

Ганна Трубачова: “Мы плануем правесці напрыканцы жніўня альбо ў сярэдзіне верасня вялікі open air — хутчэй за ўсё ён будзе вынесены за межы Мінска. Дакладна тое, што на летняй пляцоўцы Дому афіцэраў фэст адбывацца не будзе”.

Ідэальнай пляцоўкі, якая б цалкам адпавядала мэтам фэста, у Мінску пакуль няма. Аднак арганізатары праекту знахозяцца ў актыўным пошуку такога месца, выглядаць якое павінна прыкладна так:

Ганна Трубачова: “У ідэале, шчыра кажучы, хацелася б бачыць нешта падобнае на клуб, размешчаны ў цэху заводаў па вуліцы Кастрычніцкай. Вось гэтыя чырвоныя будынкі, як мне падаецца, ідэальна пасавалі б: дэмакратычная абстаноўка, магчымасць праводзіць нейкія рэйв-вечарынкі пасля рок-канцэртаў, бар, утульная зала, жывыя стасункі, санвузел –—усё што неабходна нам. Пакуль такой пляцоўкі няма, аднак мы яе шукаем і спрабуем арганізаваць”.

Нагадаем, першы фестываль “Жывы гук On-line” адбыўся ва ўнутраным дворыку Дома афіцэраў напрыканцы чэрвеня. Імпрэза стала адной з самых яркіх музычных падзей гэтага лета.


Фота by Tarantino