Фестываль Be2Gether парушыў межы

Выступы музыкаў праходзілі літаральна ў 50 метрах ад Беларусі – на адлегласці стрэлу з пісталета памежніка.
Адна сцэна, другая, трэцяя, будынак прэс-цэнтра – метраў 50 па дарозе і бачыш калючыя драты ды літоўскіх памежнікаў… А яшчэ вісіць аб’ява: “За прэс-цэнтр, паважаныя, не хадзіце, там беларуская мяжа, а беларусы могуць і страляць…” Дадайце да таго і папярэджанне ад беларускага Міністэрства замежных справаў: паважаныя аматары музыкі, будзьце асцярожныя, усё ж такі дзяржаўная мяжа. Міжнародны музычны фестываль Be2Gether – “Разам!” праходзіў пад эгідай Еўрапейскага Саюза з лозунгам “Музыка адчыняе межы”. Межы памежнікі, канешне, не адчынілі. Што дзіўна для беларусаў, нікога нават не забіралі ў пастарункі.

Як расказаў Еўрарадыё Рытас Сабас, арт-дырэктар фестывалю, аматары музыкі могуць збірацца разам, каб пачуць улюбёныя гурты, нават нягледзячы на дзяржаўныя межы:

“Гэта можна патлумачыць сімваламі. Па-першае, чаму такое месца: Нарвілішкіс – гэта самая ўсходняя мяжа Еўрапейскага Саюза. Па-другое, дэвіз Еўрапейскага Саюза ў гэтым годзе “Разам!” Таму мы хацелі паказаць, што мы ўсё роўна ўсе разам, негледзячы на ўсе наяўныя межы: мы можам разам збірацца, весяліцца, слухаць музыку – гэта і была галоўная ідэя. Be2gether – будзем разам!”

Беларусь была прадстаўлена трыма гуртамі: “Ляпіс Трубяцкі”, Drum Ecstasy і IQ48. Спадар Сабас паведаміў, што менавіта гэтыя гурты папулярныя ў Літве, да таго ж варта нават паглядзець на шоў, якое кожны раз ладзяць беларускія музыкі на сцэне:

“Больш за тры гурты мы б і не ўмясцілі, таму што хацелі, каб былі паказаныя ўсе музычныя стылі. “Ляпіс Трубяцкі” даволі вядомы ў Літве гурт, іх вельмі любяць. Drum Ecstasy – фантастычнае шоў. IQ48 проста гурт, які вельмі цікавы для нас, і мы можам яго паказаць гледачам”.

Хэдлайнерамі фестывалю, безумоўна, былі амерыканцы Bloodhound Gang і англічане Morcheeba. Панкі з ЗША, напрыклад, зазначылі, што на Be2Gether выступаць нашмат прыемней за Расію, бо там міліцыі больш, чым саміх гледачоў. Наконт беларускай мяжы музыкі папярэдзілі, што гаварыць трэба стрымана, бо могуць і падстрэліць.
Выступ ангельскіх трып-хопераў, як заўсёды, заварожваў і настройваў на сапраўдны пазітыў.

Падчас жа выступу айчыннага “Ляпіса Трубяцкога” сабраліся, напэўна, усе беларусы ў радыюсе некалькіх кіламетраў. Амаль уся пляцоўка перад сцэнай была ў бел-чырвона-белых сцягах, прывезеных нашымі суайчыннікамі. Дарэчы, наконт адносін з уладамі Сяргей Міхалок зазначыў, што беларускім уладам увогуле цяжка змагацца з гуртом, бо музыкаў цяжка ідэнтыфікаваць:

“Мы, канешне, не вельмі аблашчаныя беларускімі ўладамі. Арол не палюе на мух. Тое, што мы займаемся клаўнадай, гратэскам і, у прынцыпе, не гаворым праўду, нас пераўтварае ў мух. Таму дзяржава – будучы двухгаловым арлом ці безгаловым – ніяк не рэагуе на нас: нас увогуле цяжка ідэнтыфіцыраваць”.

Тым не менш, сваю грамадзянскую пазіцыю беларускія музыкі недвухсэнсоўна зазначылі ў Літве. Гаворыць Павал Булатнікаў, другі вакаліст гурта:

“Калі вы жадаеце пабачыць нас на дзяржаўных канцэртах накшталт “За Беларусь”, то гэтага, безумоўна, не будзе!”

Усе, канешне ж, хацелі ведаць, чаму існуе дзве версіі кліпа “Капітал”. Спадар Міхалок расказаў, што насамрэч існуе толькі адна версія:

“Кліп “Капітал” не быў у ратацыі на ніводным тэлеканале, бо ніводзін праграмны дырэктар не згодзіцца паказаць яго, будучы ў цвярозым разуме. Другой версіі ўвогуле не існуе, бо тое, што ідзе пад кодавай назвай “2”, было зроблена для расійскага парталу Upload”.

Фестываль Be2Gether скончыўся вельмі пазітыўна. Не было ніводнае бойкі. Міліцыя нікога не забірала. Увогуле, за парадкам падчас канцэртаў сачыла нейкая літоўская служба аховы. Мясцовая ж паліцыя стала асобным лагерам, нікому не перашкаджаючы нават сваёй прысутнасцю. Наколькі вядома, усе беларусы вярнуліся дадому без прыгодаў. Толькі, напэўна, застаўся непрыемны асадак: чаму такі фестываль праходзіць у Літве, у 50 метрах ад Беларусі, а не наадварот?..

Фота — www.geffen.com