Фестываль “Країна Мрій” адбудзецца ў чэрвені

21-22 чэрвеня на Спеўным полі ў Кіеве ў пяты раз адбудзецца міжнародны этнічны фэст "Країна Мрій". Дата фэсту гэтага году супадае з дахрысціянскім святам Купалле, летнім Сонцастаяннем – трыумфам, росквітам і кульмінацыяй прыроднай сілы. Традыцыйна "Країна Мрій" прапануе гледачам тэатралізаваныя перформансы ды цікавую музычную праграму.

Як стала вядома, на фестываль запрошаны такія вядомыя этнічныя гурты, як Les Karpat (Францыя), Psio Crew (Польшча), Gipsy (Чехія), Karavan Familia (Венгрыя), "Стары Ольса" (Беларусь), Kal (Сербія) ды іншыя.

Фестываль распачнецца здабываннем жывога агню, які будзе пранесены Купальскім шэсцем на Спеўнае поле Кіева, пасля чаго адбудуцца купальскія гульні. Фестывальнае мястэчка створыць алею рамеснікаў ды майстроў, змесціць дзіцячую пляцоўку. Абрамленнем усяго гэтага бясконцае лунанне народных спеваў у розных стылях і жанрах.

Фота: www.staryolsa.com