Фільм "Жалезны чалавек" застаецца лідэрам амерыканскага пракату

Фільм "Жалезны чалавек" другі тыдзень запар узначальвае спіс самых касавых карцін у кінапракаце Паўночнай Амерыкі. Толькі за апошнія выхадныя "Жалезны чалавек" сабраў 50,5 мільёнаў долараў. Агульныя зборы гэтага фільма-экранізацыі коміксу студыі Marvel - за 10 дзён у паўночнаамерыканскім пракаце склалі 177 мільёнаў долараў.

Другі радок у спісе касавых лідэраў мінулага ўікэнда займае "Спідзі-гоншчык" - новая праца стваральнікаў Матрыцы братоў Вачоўскі. Фільм, прэм'ера якога ў Паўночнай Амерыцы адбылася 9 траўня, зарабіў за тры дні 20,2 мільёны долараў - значна менш, чым меркавалася.

На трэцім месцы апынулася яшчэ адна прэм'ера мінулага тыдня - рамантычная камедыя "Аднойчы ў Вегасе", галоўныя ролі ў якой выканалі Эштан Катчэр і Камэран Дыяс.

Паводле дадзеных на вечар нядзелі, зборы "Аднойчы ў Вегасе" ацэньваліся ў 20 мільёнаў долараў. Але не выключана, што ў панядзелак, калі будуць атрыманыя ўдакладненыя дадзеныя з кінатэатраў, "Аднойчы ў Вегасе" паднімецца на другое месца ў спісе касавых лідэраў.

Фота: onemansblog.com