Фірму "Палоніка" папярэдзілі пра неабходнасць выплаціць 72 млн рублёў штрафу

Гродзенскае ТАА "Палоніка", якой кіруе старшыня неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс, папярэдзілі пра неабходнасць добраахвотна выплаціць каля 72 млн рублёў штрафу. Пра гэта інфармуе БелаПАН са спасылкай на адваката Ігара Сазановіча. Па яго словах, у лісце судовага выканаўца Гродзенскага абласнога гаспадарчага суда Яўгена Юцэвіча ад 15 сакавіка адзначаецца, што калі штраф не будзе выплачаны добраахвотна, грошы будуць спагнаныя прымусова.

Нагадаем, 5 лютага суддзя Ленінскага раённага суду Гродна Наталля Козел па пазове падатковай інспекцыі аштрафавала "Палоніку" амаль на 72 млн рублёў, Анжаліку Борыс — на 4,2 млн. рублёў.

Як адзначыў адвакат, гэтае рашэнне суддзі "Палоніка" паспрабавала абскардзіць у Гродзенскім абласным судзе, аднак Наталля Козел адмовіла ў прыёме скаргі і накіравала сваё рашэнне судоваму выканаўцу. "Мы лічым дзеянні суддзі незаконнымі і падалі на іх скаргу ў Гродзенскі абласны суд", — сказаў Сазановіч.

8 лютага Гродзенскі абласны гаспадарчы суд аштрафаваў "Палоніку" за правядзенне культурных мерапрыемстваў без дазволу на 3,5 млн рублёў з канфіскацыяй больш як 40,4 млн рублёў, атрыманых у выніку гаспадарчай дзейнасці. 16 сакавіка гэтае рашэнне было пакінута ў сіле Вышэйшым гаспадарчым судом.

Пасля расколу Саюзу палякаў у 2005 годзе прыхільнікі Борыс сталі выкарыстоўваць фірму ў Гродне для ажыццяўлення статутных задач аб'яднання, у тым ліку па навучанні польскай мове, арганізацыі канцэртаў, арэндзе памяшканняў і ўтрыманні шэрага Дамоў польскіх. У 2008 годзе функцыі гэтага прадпрыемства перайшлі да "Палонікі". Сродкі, атрыманыя "Палонікай" ад польскага аб'яднання Wspolnota Polska у рамках двухбаковай дамовы, падатковая інспекцыя Гродна палічыла гуманітарнай дапамогай і свае высновы накіравала ў суд.