ФК БАТЭ просіць міліцыю разабрацца з нацыстамі

Футбольны клуб БАТЭ звярнуўся ў Барысаўскую міліцыю з просьбай расследаваць выпадкі публічнай дэманстрацыі заўзятарамі нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі ў часе футбольных матчаў. Такі выпадак быў з боку заўзятараў на апошнім матчы БАТЭ 14 ліпеня ў Барысаве, калі каманда гуляла супраць ісландскага “Хабнарф’ордзюра”. Згодна з дысцыплінарным рэгламентам Беларускай федэрацыі футболу і Саюза еўрапейскіх асацыяцый футболу (УЕФА), такія дзеянні з боку фанатаў вызначаныя як “расізм і дыскрымінацыя”. За гэта каманда, якую падтрымліваюць такія асобы, можа трапіць пад дысцыплінарныя санкцыі.

Такія дзеянні заўзятараў дыскрэдытуюць каманду, гаворыцца ў інфармацыі, змешчанай на сайце клуба БАТЭ. Да таго ж, гэтыя дзеянні фанатаў падпадаюць пад Адміністратыўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, які забараняе дэманстраванне, выраб і распаўсюд нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі.