ФК "Мінск" можа на адзін дзень стаць лідэрам чэмпіянату Беларусі

Тры матчы 23-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе пройдуць у суботу. Найбольшую ўвагу прыцягвае гульня на сталічным стадыёне "Трактар" (пачатак у 17.30), дзе сустрэнуцца аўтсайдэр — мінскі "Партызан" і адзін з лідэраў — ФК "Мінск".  У выпадку перамогі "Мінск" даганяе па ачках БАТЭ, а за кошт большай колькасці перамог выйдзе на першае месца. Прынамсі, на адзін дзень, бо барысаўчане праводзяць свой матч заўтра.

У Бабруйску "Белшына" прымае жодзінскае "Тарпеда", а ў Наваполацку "Нафтан" згуляе з гродзенскім "Нёманам".

Астатнія матчы 23-га тура пройдуць у нядзелю: "Віцебск" — БАТЭ, "Дынама" (Мінск) — "Дняпро" (Магілёў), "Шахцёр" (Салігорск) — "Дынама" (Брэст).

Нагадаем, у БАТЭ 48 ачкоў і гульня ў запасе, у "Мінска" 45 ачкоў, у "Шахцёра" 41 ачко, у мінскага "Дынама" 37 ачкоў і гульня ў запасе.