Фонд "Абаронца" просіць ў поўнай меры выкарыстоўваць свае правы
Міжнародны дабрачынны фонд "Абаронца" звярнуўся да сваякоў і блізкіх абвінавачваных і падазраваных па крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі ў Мінску.
Фонд просіць іх у поўнай меры выкарыстоўваць свае правы. Пра гэта БЕЛАПАН паведаміла выканаўчы дырэктар фонду "Абаронца" Святлана Дваранінава.
Паводле яе слоў, законнасць дзеянняў праваахоўных органаў Беларусі пры затрыманні ўдзельнікаў акцыі 19 снежня ў Мінску "выклікае сумневы ў праваабаронцаў, журналістаў і значнага ліку грамадзян Беларусі і сусветнай супольнасці". Фонд "Абаронца" прапануе давесці да ведама абвінавачваных і падазраваных неабходнасць скарыстацца правам, пры азнаямленні з матэрыяламі справы вырабіць іх копіі ў поўным аб'ёме", — сказала Дваранінава.
Акрамя таго, фонд "Абаронца" прапануе падчас судовых разглядаў скарыстацца правам на вядзенне дыктафонных запісаў і заявіць пісьмовыя хадайніцтвы пра выраб копіі пратаколаў судовых паседжанняў.
"Наяўнасць гэтых дакументаў дазволіць спецыялістам фонду правесці незалежную экспертызу крымінальных спраў па заявах якія звярнуліся да нас за дапамогай грамадзяне", - заявіла Дваранінава.