Фотафакт: Удаву Лі Харві Освальда пабачылі праз 25 гадоў
Былую мінчанку Марыну Прусакову (а цяпер — Марыну Портэр) сфатаграфавалі рэпарцёры Splash News.
Амерыканец Лі Харві Освальд пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марынай у 1961 годзе ў Мінску. Ён эміграваў у СССР і атрымаў дазвол на жыццё ў беларускай сталіцы, дзе працаваў на радыёзаводзе. Неўзабаве яны выехалі ў ЗША, дзе 22 лістапада 1963 года Освальд забіў прэзідэнта ЗША Джона Кэнэдзі (праўда, існуе нямала версій наконт таго, што існавала змова спецслужбаў і ў Кэнэдзі стралялі іншыя людзі). Праз два дні мужа Марыны застрэлілі ў паліцэйскім пастарунку.
Марыне Портэр цяпер 72 гады. Вядома, што ў яе быў яшчэ адзін шлюб, у беларускі ёсць дзеці і ўнукі. Дзясяткі гадоў яна не ішла на кантакт з прэсай. Нарэшце, яе знайшлі і сфатаграфавалі журналісты.
Дарэчы, нядаўна ўдава забойцы Кэнэдзі прадала заручальны пярсцёнак, які Освальд купіў у Мінску. Таргі адбыліся ў Бостане, іх прымеркавалі да 50-х угодкаў з дня гібелі амерыканскага прэзідэнта.


Фота — dailymail.co.uk