Фотавыстава Артура Вакарава пра артыкулы Поля Цудаў

Поле-поле-поле цудаў!!! Пагадзіцеся, ужо адзін толькі назоў гэтай выставы прадвесціць нешта крэатыўнае і незвычайнае, шчымлівае і з дзяцінства знаёмае чаканне цуду. Так і сама выстава таксама будзе цудоўнай, а арганізатары абяцаюць наведвальнікам шэраг прыемных неспадзяванак.
 
27 верасня ў галерэі "Zнята", што ў мінскім кінатэатры "Цэнтральны", адкрываецца незвычайная выстава фота-дызайнаў "Wonderland. Артыкулы Поля Цудаў".  Гэта першае ўвасабленне новага фотапраекта Артура Вакарава - мастака, дызайнера і авантурыста. Артур з'яўляецца стваральнікам слыннай рэкламнай групы "Adliga", а таксама ён - пераможца Маскоўскага, Кіеўскага і Тбіліскага фестываляў рэкламы.
 
Праект "Wonderland. Артыкулы Поля Цудаў" паўстаў з творчага пераасэнсавання вядомай "ждановічаўскай" барахолкі - "Поля Цудаў". Аўтар абяцае, што тыя, хто прыйдуць на выставу, не знойдуць там аніякага савецкага стайлу, з якім у многіх асацыюецца ідэя праекту.
 
Артур Вакараў:"На працягу некалькіх месяцаў штовыходныя я ездзіў у Ждановічы за чарговай дозай творчага кайфу. Шукаў сваю выяву сярод неймавернай колькасці Поля Цудаў. "Залаты кадр", які працінае мяне колерам, фактурай, альбо ўзаемапранікненнем аб'ектаў і, зрэдку, але ж знаходзіў і  "тры ў адным". Неперадавальнае пачуццё разумення і абсалютнай упэўненасці, што вось яно, "ЁСЦЬ!". Кіраваўся пры здымках адзіным правілам - здымаць менавіта гэтак, як стаяла-вісела-ляжала. Ніякіх пастановак. Дык лепей і не паставіш! Апроч здымкаў, архіцікавымі  былі зносіны з "цудатворцамі", "жыхарамі" Поля. Часцяком гэтыя зносіны былі неабходнай умовай атрымання дазволу на здымку "тавараў". Люблю я гэтае месца, людзей, прадметы. Падабаецца вынік, але завяршаць праект пакуль не хачу. Дык выходзіць, что дадзеная выстава з'яўляецца хутчэй папярэдняй справаздачай пра напрацаваны матэрыял. Гэта не канчатак".
 
Сапраўды, наведвальнікі выставы самі змогуць пераканацца, што кожная работа - гэта свая ўнікальная гісторыя. А для адкрыцця арганізатары рыхтуюць перфоманс - сумесь з дызайну, сучаснага мастацтва і шматлікіх неспадзяванак.
 
Вось, што кажа пра выставу мастачка Ніка Сандрос, прэс-аташэ праекту: "Для мяне ёсць тры тоесныя па сваёй эмацыйнай сутнасці рэчы: дзень нараджэння, новы год і барахолка. Рэчы, пры сутыкненні з якімі, я заўсёдна адчуваю дзіцячае захапленне, знітаванае са шчымлівым сумам. І я зноў і зноў сядаю ў аўтобус і еду на блышыны рынак, каб паглыбіцца ў хаатычны вір з радасцяў, успамінаў, тугі і надзей. Еду ў чаканні адкрыццяў і палявання за скарбамі.
Калі я гляджу на фатаграфіі WONDERLAND, мяне цягне плакаць і смяяцца, і я моцна ганаруся (цалкам незразумела чым), змагаюся з жаданнем схапіць гэтыя здымкі ў бярэмца і аднесці дамоў. І ўжо там вадзіць па іх пальцам, уважліва разглядаць і здзіўляцца - вось жа яно, нешта маё, роднае, сапраўднае, казачнае, жывое, шчырае."
 
Нагадаем, што выстава адкрываецца 27 верасня а 17-ай і будзе дзейнічаць па 10 кастрычніка 2008г.
Месца правядзення - PhotoGallery ZНЯТА (мінскі кінатэатр "Цэнтральны" - пр-т Незалежнасці, 13)
І апошняе: інтэрв'ю з аўтарам фотапраекту Артурам Вакаравым усе зацікаўленыя змогуць пачытаць зусім хутка!!