Францыя: яўка рэкордная, улады апасаюцца беспарадкаў

Французскія выбаршчыкі дэманструюць рэкордную актыўнасць на нядзельных прэзідэнцкіх выбарах. У другім туры прэзідэнцкай кампаніі апоўдні на ўчасткі прыйшлі 35% тых, хто мае права голаса.  Гэты паказчык не толькі больш зарэгістраванага ў першым туры, але і самы высокі за апошнія 30 год, - паведамляе ВВС. А французскія ўлады апасаюцца беспарадкаў пасля выбараў. Яны не выключаюць, што магчымая перамога Нікаля Сарказі справакуе адмоўную рэакцыю ў некаторых непаспяховых парыжскіх прыгарадах.

У дзень правядзення другога туру выбараў за парадкам сочаць тысячы паліцэйскіх і жандармаў. Тэрыторыю парыжскіх прыгарадаў адсочвае верталёт з моцным пражэктарам, тэрмічнай камерай і спецыяльнымі прыстасаваннямі.

Нагадаю, што на пасаду прэзідэнта, якую пасля 12 год кіравання вызваліў Жак Шырак, прэтэндуюць лідар кіроўнага саюзу “За народны рух” Нікаля Сарказі і сацылістка Сегален Руаяль. Першыя папярэднія вынікі выбараў, як чакаецца, будуць вядомымі пасля 21 гадзіны па мінскім часе.