Франтмэн Pulp працуе над сольнікам і саўндтрэкам

Экс-франтмэн брытанскага гурта Pulp Джарвіс Кокер паведаміў, што працуе над новым, другім па ліку сольным альбомам. Паводле словаў музыкі, у адрозненне ад дэбютнага дыска «Jarvis» 2006 года новая кружэлка будзе больш «цяжкай і агрэсіўнай», бо гэтым разам у запісе кампазіцый удзельнічаў паўнавартасны гурт.

Падрабязнасці новага альбому музыкі пакуль трымаюцца ў сакрэце. Вядома толькі, што выдаваць кружэлку Джарвіс плануе яшчэ да канца гэтага года.

У той жа час стала вядома, што 44-гадовы Кокер працуе яшчэ над адным праектам – саўндтрэкам да аніміраванага фільма рэжысёра Уэса Андэрсана, які быў пастаўлены паводле кнігі вядомага пісьменніка Роальда Даля «Фантастычны містэр Фокс».

Сам музыка засведчыў, што «запісаў для гэтага фільма тры ці чатыры песні. Але пакуль не ўпэўнены, ці патрапіць што-небудзь з гэтага ў канчатковы варыянт фільма».

Карціна, якую агучваюць Джордж Клуні, Кэйт Бланшэт і Біл Мюрэй, з'явіцца на экранах ў наступным годзе.

Фота: commons.wikimedia.org